06.02.2019
У дзень адкрыцця ХХVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы навучэнцы і педагогі сельгаскаледжа сустрэліся з творчай асобай.
Як святочны вянок, праграму аздобілі вершы і спевы ў выкананні юных удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Сустрэчу назвалі “У думках маіх, маіх пачуццях, у творчасці маёй – мая радзіма”. Гэта вельмі адпавядала дзейнасці нашай госці –Таццяны Канапацкай. Адзіная з лунінецкіх краязнаўцаў, яна прадстаўлена ў двух творчых суполках – Беларускім саюзе журналістаў і Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У выступленні былі адлюстраваны адметныя старонкі гісторыі Лунінца. Гэта ўзвядзенне храма, на што ахвяраваў і славуты праведны Іаан Кранштадтскі; помнікі настаўнікам – у свой час мясцовых дзяцей навучалі будучы народны пясняр Якуб Колас і будучы авіяканструктар Павел Сухой; лёс лунінецкай гімназісткі, якая стала правобразам помніка варшаўскай сірэне – сімвала сталіцы Польшчы. Размова выходзіла за краязнаўчыя межы, таму што нашых навучэнцаў цікавілі і старонкі біяграфіі госці, і героі яе кніг. Выступоўца асаблівую падзяку выказала настаўніцы Ірыне Васільеўне Тупека, якая спытала:
–Вы праводзіце шмат праграм, прысвечаных трагедыям і подзвігам Вялікай Айчыннай вайны. Што вас натхняе на такую цяжкую тэму?
Таццяна Васільеўна лічыць, што адказ на гэта пытанне надзвычай глыбока агучылі савецкія паэты. І яна выхоўвалася на патрыятычнай творчасці ў сям’і, якая многіх прадстаўнікоў паклала на алтар Перамогі… Жыве з пачуцём удзячнасці людзям, якія сваім жыццём заплацілі за шчасце 75-ці мірных год. Свой жа абавязак бачыць у тым, каб нагадваць пра вайну, пра тыя пакаленні, якія аднавілі разбураны Лунінец, і пра сучаснікаў, якія творча працуюць дзеля развіцця краю.
Сустрэчу Таццяна Васільеўна завяршыла своеасаблівым заклікам:
–Удзячнасць, на маю думку, – найвышэйшае з пачуццяў. І хаця ў нашым календары гэта не адзначана асобнай датай, у лютым святкуем Стрэчанне. Давайце ў гэты прыгожы дзень падзякуем нашым бацькам, якія калісьці сустрэліся – і далі нам жыццё. Падзякуем настаўнікам: гэта ж – адзіная прафесія ад Бога, астатнія – ад настаўніка. Падзякуем суседзям па інтэрнату ці парце – яны ж церпяць нас з нашымі звычкамі і індывідуальнасцямі. І будзем прасіць у лёсу радасці сустрэчы з той палавінкай, якая будзе натхняць на творчасць. Кожную справу можна выконваць творча – інакш навошта наогул яе рабіць…
Ніна ДАМАШЭВІЧ, бібліятэкар Лунінецкага сельгаскаледжа.